Старонка:Apaviadanni 1912.pdf/22

Гэта старонка была вычытаная

КАНТРАКТ.

(З жыцьця пінчукоў).

I.

Хата старасты Рамана Карэня была паўнютка людзей. Сюды часта такі зьбіраліся палешукі пагутарыць аб сваіх справах. Апроч таго, Раман і сам часта склікаў мужыкоў, каб аб’явіць ім волю валаснога начальства.

Вось і сягоньня Раман паклікаў палешукоў на сход. Чуць толькі сьцямнела, пачалі зьбірацца палешукі. Скора іх націскалася поўная хата. Захрыпелі цыбукі, застукалі люлькі аб тоўстые кіпці, і ў хаце падняўся такі дым, што ня можна было пазнаць трэцяго чалавека, хоць яго нос і можна было абмацаць рукою.

Покі зьбіралося «законнае чысло» людзей, каб сход мог мець сілу, палешукі гулі, як рой пчол. Адзеты яны былі — хто ў доўгіе халаты з паламі, хто ў кажухі с шырокімі, як засланка каўнерамі. Усе яны былі ў лапцях, з голымі грудзьмі, хоць на дварэ крэпіла зіма. Адны сядзелі другіе стаялі. Нізкі з рыжаю бародкаю Сымон Тачыла жартаваў з Алёнаю, стараставаю жонкаю, покі яна, ня сунула яму сьмеючыся, гарачаю качаргою ў рыжую бараду. Кандрат Лата пакепліваў з Дземяна Трубы, як яго поп спаведаў летась і скамандаваў за грэх прывязьці тры вазы дроў.

— Які ты грэх зрабіў, Дземян?

— Што ступіў, то і саграшыў, сказаў Дземян.