— Скідай, Андрэй, боты, ці што; ідзі хоць паненак вынясі на бераг.
Худы, высокі Андрэй вынуў з зубоў люльку, выпусьціў з рота дым і засьмеяўся, замахнуўшыся цыбуком над тым, хто падаў яму такую раду.
— А ўсё ж такі трэба памагчы пану, — сказаў стары Пятрусь.
— Пойдзем, паможэм!
І с пяцьдзесят мужыкоў паскідалі лапці, падкасаліся і сьмела сунуліся ў балота; толькі пырскі ляцелі с пад ног, ды ўздымаліся булбаткі.
— Памагай Бог! — гукнулі мужыкі.
— Дзякуй вам хлопцы.
Мужыкі ня скора прыступілі да работы. Яны сталі распытывацца: як? чаму? чаго? Ці ня выпіўшы быў хурман? Адзін разглядаў панскую брычку, шараваў рукою, хваліў, што добра памалёвана.
— Ну, хлопцы, годзі зыкі мянціць! — сказаў стары Пятрусь: — а то і сонцэ нам зойдзе ў балоце. Бярэцеся.
— Бярэмся! Куды ж ты возьмешся?
— І як ты ездзіш, каб ты жыватом ездзіў?
Гдзе твае вочы? — накінуўся Антось на хурмана.
— А ты не лайся…
— Не лайся, не лайся!—перакрывіў яго Антось:—дурня павучыць ня шкодзіць.
— Калі прышоў, Антось, памагаць, то памагай, бо вас ніхто не прасіў; важна сказаў пан.
— Годзі, хлоццы, сварыцца, — ўмяшаўся ізноў стары Пятрусь. — Грыгор! камандуй ты.
З мужыцкай чарады выступіў Грыгор, шырокаплечы мужык з рудою барадою.