Старонка:Apaviadanni 1912.pdf/51

Гэта старонка не была вычытаная

ЗОРКІ — АНЁЛЫ.

Настала ночка Новаго Году, ночка хаця марозная але ціхая, спакойная. З высокаго пацямнелаго неба блішчачые зоранькі, нібы ясные вочы Анёлчыкаў, як-бы зацікавіўшыся, што ўнізу робіцца, пазіраюць на зямлю…

Бач: адна… другая замігацелі мацней, задрыжэлі і пакаціліся. Ці то былі зоркі?… Не! Старые людзі кажуць, што гэта ёсць Анёлы Божые, злятаючые да людцоў, толькі мы грэшные ня можэм іх бачыць. А злятаюць яны, гэтые Анёлы — Думкі Божые, каб зрабіць перэгляд паступкоў добрых і злых Стараго Году, каб спаткаці Новы. На скрыдлах лёгкіх быстра панясьліся яны над нашаю сьлёзнаю зямліцаю, над палацамі гэнералоў, вялікіх чыноўнікоў, багачоў, над вясковымі хатамі. І убачылі яны, як сярод ночы, сярод беднаты людзкой засьвяціліся агнямі, загрымелі музыкаю палацы і самы багачы у дарагім адзеньні, с крыжамі, з мэдалямі на грудзях пасядалі у салях за шырокімі і доўгімі сталамі — пасядалі есьці дарагіе стравы, смагла заліваючыся загранічнымі вінамі. Аж стагнаньне вялікае народу, раптоўне прыляцеўшае з усіх канцоў краю, многа, многа сказало прыслухіваючымся Зоркам—Анёлам: вытлумачыла яно ім, дзеля чаго гэтые людзі цешацца, што яны зрабілі… Што дзеля карысьці сваей здушылі яны мільёны народу забралі апошні ад яго грош, залілі кроўю зямліцу, выціснулі апошнюю сьлязу у нешчасных удоў і сірот…