тым мужыкі разступаліся і давалі дарогу, як якому спраўніку.
II.
За гоманом трудна разабраць, хто што гаворыць. Вот дзьве бабы. Адна апёрлася на воз з аднаго боку, другая з другога. Абедзьве выпіўшы. Адна гаворыць груба, другая тонка. Мова першай бабы падобна да карот слоў.
— Ды-ды-ды-ды!
Другая сыпала танчэй і ешче скарэй:
— Дэ-дэ-дэ-дэ!
На другім возе сідзяць тры мужыкі. Два з іх абнімаюцца і цалуюцца.
— Братка ты мой!—гаворыць адзін:—золата, а не чэлавек.
— Галубок ты мой!—кажэ другі: — дальбог я цябе люблю. Каб я жонкі ня ўбачыў, калі не люблю. Дай сюды сваю, морду… во так!
— Пойдзем, ешчэ выпьем поўкварты.
Два шчырые сябры злазяць з воза, абнімаюцца цалуюцца, адзін аднаго падтрымоўваюць і ідуць да манаполькі,
— Га, Пятрусь, і ты тут? — сустрэў Пятруся Карусь Акалот, у катораго вочы былі ўжо як у салавейчыка, а з губы нясло, як з бочкі.
— А вот, як бачыш, Пятрусь.
— Ідзі, брат, паглядзі, якога я купіў падсьвінка.
Карусь схапіў Пятруся за рукаў і павалок яго глядзець падсьвінка.
Пятрусь пахваліў гэту маладую асобу і сказаў Карусю, што добра купіў.
— Добра кажэш?
— Вядома, што добра.