Старонка:Apaviadanni 1912.pdf/56

Гэта старонка не была вычытаная

— Калі та, то пойдзем у «Порт-Артур».

«Порт-Артурам» мужыкі назвалі хатку, што стаяла разам с крамкаю. Гэта хатка заўсягды была паўнютка людзей. Там стаяў такі шум, крык і гоман, што аж глушыла. А раз зайшоў у «Порт-Артур», то выйсьці адтуль не так-то лёгка: ці мала там сустрэнеш добрых людзей?

— Не, не пайду! — сказаў Пятрусь.

— Чалавек! па чарцы! — угаварваў Карусь.

— Німа, брат, часу, — стаяў Пятрусь на сваём.

— Колькі там таго часу? Поўгадзіны, ня больш. Хадзем!

Пятрусь трохі упіраўся але такі пашоў. «Чарку, дзьве, ня болей», думаў ідучы Пятрусь.

С «Порт-Артура» ён шоў надта вясёлы і сьпеваў

«Наплеваць мне на падатак.
Што мне пісар, старшына?
Лейба! торбу ў задатак,
Дай жэ крэпкаго віна!»

III.

Вечэр быў хмурны. Ні зор ні месяца.

Ускаціўшыся на воз, Пятрусь завязаў лейцы за аглабіцу і лёг.

Увесь сьвет, здавалося яму, скакаў лявоніху. Калі-не-калі Пятрусь падымаў галаву, крычаў: «Но, малы!», цмокаў губамі і сьвістаў.

«Добра мера, хоць без грошай,
Абы празнічак харошай»!
цягнуў часамі Пятрусь песьню, лежучы на возе, вугнівым, хрыпатым голасам. Глуха і нудна заміраў яго гнусавы голас ў цішы асенняй ночы.