Старонка:Apaviadanni 1912.pdf/63

Гэта старонка не была вычытаная

АНДРЭЙ ВЫБАРШЧЫК.

I.

— Ну, Андрэй! глядзі-ж трымайся, — ведай, за каго падаць голас!

Так гаварылі мужыкі свайму ўпоўнамочэнаму, выпраўляючы яго ў горад на выбары дэпутатоў.

— Не ганіся за панскаю гарбатаю, бо пан часамі і лісіцаю можэ прыкінуцца—і руку табе падасць, і нават пацалуецца с табою.

— А што мне іх гарбата! Я і сваю скарынку хлеба з’ем, — гаварыў Андрэй: — не такі я дурэнь, каб прадацца за гарбату.

— Праўда, праўда, Андрэй! табе і дэпутатам брыдка быць за такіе словы.

— Так, брат у іх на языку мядок, а на сэрцы лядок.

— Эх, дзеці, вы дзеці! — махнуў рукою стары Хлёрка:—нічога, як я бачу, ня будзе з гэтых выбароў.

— Як то ня будзе? Каб ўсе махалі так рукамі, то і ніякой не было б Думы.

— Ты хочэш, каб к табе сама зямля с печы ў рукі прышла?

— Свабоды Бог з неба ня скіне!

— Вядома!

Стары Хлёрка засаромяўся і хутчэй схаваўся за мужыцкіе спіны.

— Сьмела Андрэй, рэж там ў горадзе праўду!