Старонка:Apaviadanni 1940.pdf/23

Гэта старонка не была вычытаная

— Уцякай, кажу, а то яшчэ і нюхаўку паб’ю!

— Ты мне? Да ты ведаеш, хто я?

— Ну, хто-ж ты?

— Ага! Хто я? Папрабуй выцяць…

Пятрусь ужо падняў пугу, але не асмеліўся выцяць «чорта».

— Ну, годзе! пайшоў з дарогі!

— Не, не пайду!

— Чаго ты прывязаўся, як смала? Згінь, прападзі!

Але «чорт» не гінуў.

Пакуль яны крычалі, конь пачуў волю і стаў памаленьку заварачвацца назад, шчыплючы траву. У сварцы Пятрусь зусім не бачыў, што конь яго завярнуўся.

А Міхась як падскочыць да Пятруся ды як запішчыць! Ды так моцна, што аж Іван падняў галаву. А конь шчыпаў траву каля Івана. Як заварушыўся Іван — конь спудзіўся і паскакаў назад у млын.

Га-га-га-га!.. — зарагатаў Міхась (ён чуў, што чорт рагоча, падмануўшы чалавека). Пятрусь і не думаў спыняць каня, скарэй-бы, ад гэтага нячыстага месца!

Але як ён дзівіўся, калі зноў прыехаў у млын.

А назаўтра Пятрусь Гвозд усім, як у звон, званіў, што бачыў чорта каля Кірылавай магілы.