Старонка:Apaviadanni 1940.pdf/25

Гэта старонка не была вычытаная

Арынка адна-адненькая. Усю-ж яе маёмасць, хібарку-хату, хлявец і чатыры дзесяціны зямлі, сваякі паразбіралі. А дзядзька Сымон, старэйшы брат Апанасаў, забраўшы зямлю, узяў да сябе і Арынку. Нясолядка жылося ёй у дзядзькі. Свая сям’я вялікая, і тут яна аказалася лішняю. А потым дзядзька Сымон аддаў Арынку служыць на хутар, да заможніка-кулака Трахіма Гармізы.

А час быў такі бурны, неспакойны, трывожны — рэволюцыя, вайна, але Арынчына жыццё не мянялася — цяжка было ёй, і не было каму заступіцца за яе. Не лепш, як у дзядзькі, было ёй і ў Гармізы. Адна толькі пацеха, што Гарміза — чалавек чужы, не так хоць крыўдна. Умеў Гарміза чужымі рукамі нажывацца, да работы прынявольваць, ды яшчэ і папікаць Арынку сваім хлебам і сваёю кулацкаю ласкаю. Цярпела Арынка, не бачачы свету за работаю, і маўкліва зносіла несправядлівасць. Горка было і крыўдна: Гармізавы дочкі ў школах вучыліся, шукалі яшчэ лягчэйшага хлеба, хоць жылося ім і так не кепска — позна ўставалі, елі смачна, хадзілі чыста адзетыя, па добрай волі рабілі работу. Арынка-ж да ўсходу сонца падымалася з пасцелі, са свайго бярложка за печчу ў кухні, апошняю клалася спаць. Хадзіла летам босая, зімой у лапцях, у старых неданосках, з патрэсканаю ску-