Старонка:Apaviadanni 1940.pdf/8

Гэта старонка была вычытаная

тчэ хітрыя сеці, у якія павінна заблытацца крамола. Яму здаецца, што ён выкрыў «праступнае саобчаства», захапіў лісты, рэвальверы і бомбы, і ўсё гэта даставіў да начальства. Яму даюць павышэнне, пасылаюць у горад, робяць акалодачным[1], потым прыставам[2], а потым… і пайшоў наш ураднік угару, як цыган па драбінах на неба.

Пры гэтым ураднік аж засмяяўся сам сабе і ляснуў рукамі па сваіх тоўстых кумпяках.

— Гм! ты кажаш «падазрыцельны» чалавек? — пытаў вечарам ураднік сваю правую руку — гарбатага стражніка.

— Бясспрэчна падазрыцельны! — сказаў стражнік таемным, паніжаным голасам.

— І ты яго бачыў?

— Бачыў, гаспадзін ураднік. І цікава тое, што ён — малады чалавек і астрыжаны! Звычайна ўсе крамольнікі кудлатыя і абарваныя. А гэты нішто сабе адзеты, у чорнай кашулі, падпяразан шырокім поясам… Гатоў у заклад ісці, што гэта самы настаяшчы «сіцыліст».

— А ты не пытаўся аб ім? Не наводзіў справак у мужыкоў?

— Дык вам мужык так і скажа, асабліва галадранскі мужык. Гэта — гадаўё!

  1. Чын гарадской паліцыі. Падчынён прыставу.
  2. Паліцэйскі чыноўнік у царскай Расіі. Начальнік паліцыі ў станах, спецыяльна паліцэйскіх падраздзяленнях паветаў.