Старонка:Belarusi.pdf/106

Гэта старонка не была вычытаная

З ПАВЯЎШАЙ СЛАВЫ…

З павяўшай славы быўшых дзён,
З магільных прадзедавых крас,
Пад стогн няволі, путаў звон
Мы зложым песню, зложым сказ,
А так агністы, як пажар,
А громкі так, як грому ўдар.

І так, каб чуў і брат і кат
З нізін-далін, з высокіх гор;
Ад меж да меж, ад хат да хат
Зайграем свету ў дружны хор,
З жыццём у тон, з віхрамі ў тон,
Пра свой папас, пра свой палон.

Хай тое ўсё, што спала ў сне,
Паўстане яваю жывой
І светам блудным здрыгане,
І панясе скрозь светач свой
Ад краю ў край, між спячых сіл,
Аж там — да бацькаўскіх магіл!

21-VIII 1919 г.