Старонка:Belarusi.pdf/123

Гэта старонка не была вычытаная

Ты помніш, помніш, Колас мілы,
Як я к табе ішоў у госці,
У час той подыху магілаў,
У час бяссільнай помсты, злосці.

Княжацкі бор шумеў пакутна,
Як нашы песні таго часу,
Пужалі зверы штомінутна,
Душа не бачыла папасу.

Княжацкі бор шумеў, а Нёман
Мне да цябе дарогу значыў,
Блішчэлі зоры, чуўся гоман
Над Нёманам, змяшаны з плачам.

Сягоння пешкі мы не ходзім,
А на машыне ў госці едзем.
Княжацкі бор пужаць нас годзе.
Не страшны князевы мядзведзі.

Ды веру, хутка, незадоўга,
У непрымушанай ахвоце,
З табой нябеснаю дарогай
Мы паляцім на самалёце.

Мы паляцім над Нёман сіні,
Над бор, ад князя ўжо свабодны,
Заглянем хто жыве ў хаціне,
Дзе жыў ты, брат, з жыццём нязгодны.

Стуль паляцім мы і да Вільні,
Дзе хлеб і соль дзялілі спольна,
І ўсё агледзім вокам пільным
У Вільні ўжо совецкай вольнай.