Старонка:Belarusi.pdf/134

Гэта старонка не была вычытаная

ПЕСНЯ

Як крыніца, льецца, рвецца
З сэрца песня ў свет, за светы;
Светла йскрыцца, рэхам прэцца,
Тутка, тамка, дзе я, дзе ты…

Скрозь гамоніць, звоніць звонка,
З сэрца ў сэрца б‘е, ірдзіцца,
То ўжо ў хаце, то ўжо вонках
Маладзіцца маладзіцай.

Скочыць к сонейку, ўсхахоча,
Пацалуецца лісліва;
Ясну-месячыку ў вочы
Зіркане тугой тужлівай.

Стрэціць зорку-зараніцу,
Праслязіцца з ёй слязою
І сплыве ўплаў на зямліцу,
Разаўецца дзермязою,

Ў полі здольна з ветрам разам
Зажартуе, ў танок сходзе,
Згодна з борам важным сказам
Завурчыць аб непагодзе.