Старонка:Belarusi.pdf/152

Гэта старонка не была вычытаная

ПАЯЗДЖАНЕ

Распаўзлася па абшары
Сцюжным пухам, сцюжнай марай
Папаўзуха-завіруха —
Злога духа злыбядуха.

Ў полі дымна, ў полі цёмна,
Беспатольна і заломна,
Ні пуціны, ні упыння,
Як у вечнай дамавіне.

Як у моры, ў белым снегу,
Без днявання, без начлегу,
Ў бездарожжа, ў беспрыстанне
Едуць, едуць паязджане.

Едуць, едуць, ані следу,
Ні праслуху, ні прагледу,
Ні прасвету, ні надзеі,
Ўсё ў зацмішчы, ўсё ў завеі.

Папаўзуха-завіруха
Шэпча, шэпча штось да вуха
Аб музыцы-дудаграі,
Аб пшанічным караваі.