Старонка:Belarusi.pdf/156

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАБЫТАЯ КАРЧМА

Павыбіты вокны, сарвана страха,
Паўлазілі ў гліну вуглы,
Абдымлены комін тырчыць, як вяха,
Як здань, вызірае з імглы.

Стаіць, як абскубаны зверам шкілет,
Забытая светам карчма,
Начніцы пяюць ёй магільны прывет,
Галубіць пракляццямі цьма.

Разбітая напал калісь перуном,
Асіна ўздыхае над ёй, —
Калыша, матае кастыльным галлём,
Шыпіць, уздыхае змяёй.

Як вісельнік, звісла галіна адна,
Бы цэпам калоце ў камель,
І сведчыць, што некалі, вельмі здаўна,
На гэтай галіне…
Як шмель,

Шумела, гудзела карчма усю ноч,
Музыка рваў струны і смык;
Бяда і нуда адыходзілі проч, —
Рашаў гаспадарку мужык.