Старонка:Belarusi.pdf/157

Гэта старонка не была вычытаная

Вось поўнач… Звон чарак… Смех, крыкі, кляцьба…
Не сцяміш, дзе свой, дзе чужы…
Гахх!.. цвякнуў тапор… Міг, знямела гульба…
Ляжыць труп, як крыж на мяжы…

— Мярцвяк!! — загудзеў разбуялы народ
І рынуў з святліцы пад тын…
— Дзе ўбіўца?.. На горкай асіне, бы кнот…
Хістаўся нябожчыкаў сын…

Мінула гулянка… Замерла жыццё…
Канае карчма у журбе;
Навокала блудзіць зданнё, страхаццё,
Па шчылінах вецер скрабе.

І толькі у поўнач адзін раз у год
Карчма ажывае на міг:
Музыка іграе, гамоніць народ,
Кружыць за кяліхам кяліх.

І ў саму гульню, наганяючы жах,
З‘яўляюцца госці туды:
Стары — з тапаром у кастлявых грудзях,
На шыі з пятлёй — малады…

13/XI-18 г.