Старонка:Belarusi.pdf/165

Гэта старонка не была вычытаная

4

Уцякала за ночкаю ночка
За горы,
Паласкаліся ў росах чырвоных
Разоры.

Запалялася сонца аб сонца
Агніста,
Пасыпаліся косці пасыпкай
Вячыстай.

Рассыпаліся прыскам палацы
І вежы,
Гудам водгулле-рэха ляцела
За межы.

А з-за межаў — чужынцы, як злыдні,
На пашу,
Каб суняць вызваленне і помсту
Паўстаўшых.

Тры-чатыры так восені счэзлі
Руінай,
Як змаганне ішло пераможна,
Няспынна.

Уцякала за ночкаю ночка
За горы,
Паласкаліся ў росах чырвоных
Разоры.

5

Зацымбалілі цымбалы,
Забубнілі бубны,
Як вярталіся з паходу,
З бойкі вельмі труднай.