Старонка:Belarusi.pdf/189

Гэта старонка не была вычытаная

Кіпіць работа цяжкая
Ад рання і да ночы,
Ніхто не йдзе з дакорамі,
Такі ўжо люд рабочы.

Загон балотны шырыцца,
Ачышчаны з карэння,
Іграюць пілы пільшчыкаў —
На дошкі йдзе бярвенне.

Адны рыхтуюць торфішча
Для севу безупынку,
Другія — дрэва звонкае
Пад новыя будынкі.

Цягнулася так месяцы,
Ды выплыла такое,
Што нехапае нечага
Комуне маладое.

Яны ўсе аглядзеліся,
Што ў іх няма жанчынаў,
Што так без гаспадыніных
Рук трудна жыць мужчынам.


∗     ∗

Сход. На сходзе, як звычайна,
Старшынёй таварыш Модзін;
З нейкай думкаю патайнай
Сход вачыма ён абводзіць.

— Буду коратка мець слова, —
Кажа ён, як-бы меў клопат: —
Для комуны нашай новай
Жанчын трэба, ну, і ўсё тут!