Старонка:Belarusi.pdf/208

Гэта старонка не была вычытаная

За гарамі, за даламі,
Ў балотах пустынных,
Паўставала, вырастала
Новая краіна.

Непраходныя былі дзе
Балотныя гаці,
Там красуюць, там буяюць
Нівы, сенажаці.

Поле роўнае такое,
Бы стол габляваны,
Толькі дзе самая ферма,
Высіцца паляна.

Ад вясны вясёлай, ранняй
Да восені познай
Пяе поле трактарамі
Весела, пагрозна.

Дзве чыгункі на соўгаскім
Сходзяцца вакзале;
Свішчуць, граюць паравозы,
Аж чутно ў Загаллі,

То прывозяць, шмат прывозяць
Па жалезных шынах —
Угнаенне пад насенне,
Трактары, машыны.

То вывозяць, шмат вывозяць
Грузаў вельмі цэнных:
Пянькі многа, бульбы многа,
Найболей-жа сена.

А ў ім колькі інвентара
Вартасці вялікай —
Нежывога і жывога,
Не знойдзеш і ліку!