Старонка:Belarusi.pdf/27

Гэта старонка была вычытаная

Як мінулым спаганена праца
Ад батрацкай прыгоннай сярмягі,
Сабе ўзносячы ў сонцах палацы,
Стала горда навек называцца
Справай гонару, славы, адвагі.

Маладому свайму пакаленню
Ён апіша з палётам арліным,
Як бліскотна з бетону, з камення,
З цэглы, з сталі, жалеза ў праменнях
Тут за гмахам рос гмах на руінах.

Як узняўшыся слаўна ў вышыні,
Соцспаборніцтва, ўдарніцтва ўдала
Здабывала багацце краіне,
Гарады будавала ў пустынях
І пустынную ноч асвятляла.

Як за трактарам трактар выходзіў
На сялянскія стужкі-палоскі,
Каб у дружным, як войска, паходзе
Нішчыць межы, машыны заводзіць,
Будзіць спячыя сёлы і вёскі.

Як яна, большэвіцкая партыя,
Каб да тла зруйнаваць стары свет,
Барацьбою зацятай, упартай,
Сваю ставячы голаў на карту,
Дасягла недасяглых пабед.

Прыдзе новы — а мудры — гісторык,
А ён прыдзе — ужо ён ідзе —
І сказ дзіўны, праўдзівы ад зорак
І да зорак аб нашых прасторах,
Аб падзеях, людзях павядзе.

Менск. 22/XI-31 г.

|}