Старонка:Belarusi.pdf/30

Гэта старонка была вычытаная

ПАРТЫЗАНЫ

Як ішлі ў лясы партызаны
На заклятага ворага пана, —
Расступаліся долы і горы,
Шляхі значылі сонца і зоры.

Як табун разграмілі варожы
Партызаны ў сваім падарожжы, —
Задымелі агні на начлезе,
Зашумеў кучаравы бярэзнік.

Як-жа свой партызан адзін здрадзіў
І навёў ліхадзеяў к засадзе, —
Пайшоў гул па зялёных імшарах,
Паплылі небам чорныя хмары.

… А на вогнішча попелу горсці,
А ў тым попеле чорныя косці…
Выюць ночкай ваўкі на палянцы,
Касцякі даядаючы здрайцы.

Як прышла перамога над панам, —
Ішлі з песняй з лясоў партызаны, —
Расступаліся долы і горы,
Шляхі значылі сонца і зоры.

Ляўкі. Аршаншчына.
Чэрвень. 1935 г.