Старонка:Beznazounae.pdf/39

Старонка праверана

АДШЧАПЕНЦАМ (ЗАХОДНІМ)

Адкуль і хто яны, адменцы?
Няма у кнігах роду іх;
Імя іх толькі — адшчапенцы,
А гэта ведама й бяз кніг.

Узялі крыўдай уладаньне
Над братам бедным і сьляпым
І распасьцерлі панаваньне
Ў чужым дабры, як у сваім.

Народ ім хорамы паставіў,
Ральлю капаў для іх, як крот,
Яны-ж чужой прадалі славе
Сваю зямлю і свой народ.

У звоне золата ўтапілі
Трухлявы душ сваіх абраз
І на прадзедавай магіле
Спраўляюць радасны папас.

Гадуюць думы, думы ката
Крывёй другіх на ногі ўстаць
І на плячох скаваных брата
Сваю «ойчызну» будаваць.