Старонка:Beznazounae.pdf/54

Старонка праверана

ГРУГАН

Кожнай вясны, як выходжу
Свой засяваці загон,
Чорны груган вылятае
Зьнекуль—з няшчасных старон.

Крыльле, як вехі, разьняўшы,
Страшны затачвае круг;
Крумкае, гракае жудка,
Жудкі сплятае ланцуг.

Сумныя думы абсядуць,
Ног не павырваць з ральлі,
Млее рука, а сявалка
Цісьне і цісьне к зямлі.

Восень як прыдзе і з поля
Выйду зьбіраці сяўбу,—
Гэты-ж груган вылятае,
Гэту-ж вядзе варажбу.

Зьвісьне пад хмарамі зданяй,
Воч ня спускае з мяжы,
Косьці пасеены ліча,
Ліча людзей і крыжы.