Старонка:Biadula.Jazep Krusynski.2.djvu/11

Гэта старонка не была вычытаная

абапал дарогі глыбокія канавы. Талакою вазілі лапкі, жэрдзі, бярвенне, пясок, каменне.

Шумна было і весела. Пры рабоце песні зацягвалі. Пачне адзін на жарт, і падхопяць усе. Праз некалькі дзён было ўсё зроблена...

Мучыліся людзі тут гадамі, дзесяткамі год...

Горача было тады на сэрцы ў Міколы. Ён заўважыў, што ў Саўкі па-новаму вочы блішчаць. Ніколі ў таго гэткай радасці не было.

Кончылі работу, і некаторыя са старых запыталіся: - А што цяпер?

- Вось, каб так гаспадарку талакою... Мабыць, кіпела-б... - сказаў хтосьці.

- І гэта будзе! - крыкнуў Саўка.

- Іш ты, малакасос!

Падышоў да грэблі стары Цыпрук. Доўгім удумёным позіркам зірнуў на грэблю, на людзей. Пасмутнеў. Тупаўся туды і сюды і нешта мармытаў пад нос.

- Што ты, Цыпрук, квокчаш? Не падабаецца? Гэта-ж твой сынок прыдумаў!

Цыпрук махнуў рукой, быццам нешта такое згубіў, чаго ўжо ніколі не знойдзе, і адышоў на некалькі крокаў.

Суседка тлумачыла:

- Кіятар Цыпрукоў вы разбурылі. Ён-жа заўсёды першым прыходзіў вазы выцягваць з балота. Ён-жа тут гутаркі заўсёды з людзьмі заводзіў...

Мікола чамусьці пачырванеў, а стары бацька яго пры гэтых словах ажывіўся і давай апавядаць розныя прыгоды: як калісьці нейкі пан даў яму рубля за тое, што памог выцягнуць фаэтон з балота; як часта коні ногі выкручвалі ў гэтым месцы; як пазнаёміўся тут з аграномам. Нарэшце, Цыпрук плюнуў і сказаў:

- А ведаеце, добра, што навялі тут лад. Нямала і я гараваў тут над горам людскім. Хадзем, Мікола, палуднаваць, ці што?

Усе зарагаталі з такога пацешнага канца Цыпруковай жаласлівасці да ранейшага топкага месца.

Пасля гэтага вяскоўцы цэлы тыдзень адскрабалі закарэлую гразь з свае жывёлы...