"А можа быў вінават? Адкуль у яго потым з'явіліся грошы, каб купіць другую карову? Гэта прайдоха Крушынскі. А можа нават і не ён? Ліха яго ведае. Ніякіх вынікаў не было пасля заявы, якую я падаў на Крушынскага..."
Падачу заявы ён плюсам для сябе не лічыў... Падаў толькі пасля таго, калі родны бацька пацярпеў ад гэтага...
Мікола атрапаў снег з кажуха і паправіў пад сабою сядзенне.
- Дай мне, тата, лейцы.
Узяў лейцы, па-заліхвацку свіснуў і сцебануў каня. Конь шпарка пабег.
- Ты, сынку, не па-гаспадарску. Шкада каня. Спацее, ці што. Маці ад нас не ўцячэ, калі на гадзіну пазней прыедзем.
Стары забраў лейцы з рук сына. Конь зноў патрухаў дробным крокам.
Лысы чалавек з доўгімі вусамі ў дажджавым плашчы прынёс Міколу ў інтэрнат пасылку ад бацькоў - два сыры і кавалак сала. Лысы абхадзіў усе паверхі, ледзь не ўсе пакоі, пакуль знайшоў рабфакаўца. Мікола дзякаваў.
Пазнаёміўся з гэтым чалавекам.
- Ярэмчык.
- Крушынскі.
"Ці не той, на якога я заяву падаў?"
Нялоўка стала перад незвычайна ветлівым лысым.
"Непадобен да кантрабандыста..."
- Вы не з Курганішча?
- З Курганішча...
Вочы лысага заблішчэлі.
Мікола заўважыў перамену ў выразе яго твару. Не мог уцяміць:
"Гэта выяўленне здаволенасці, што аб ім усе ведаюць, ці можа з прычыны гэтага самага нездаволенасць?"