з памяці Крушынскага паасобныя ўрыўкі гутаркі, а тыя, што засталіся ў памяці, нагналі на яго новы страх і новую радасць.
Аднак ён не мог даведацца ў айца Дзімітрыя, кім ён быў да хваробы на папа. Той гаварыў і не дагаварваў.
Айцец Дзімітры стаў для яго цікавай загадкай.
Адзін толькі раз за гэты час у Курганішча прыехаў новы аграном замест ранейшага сябра Крушынскага Івана Мацвеевіча.
Крушынскі абкружыў сябе цэлай галерэяй рознастайных бутэлечак з лякарствамі і войкаў больш чым заўсёды. У гэтым-жа пакоі частаваў абедам агранома. Хворы да яго прыглядаўся. Малады, маўклівы, толькі пра гаспадарку і гаворыць. Праўда, раней запытаўся, ці хворы цяпер цікавіцца гэтым, ці не стоміцца, калі гутарыць пра гаспадарку.
- Калі ласка, калі ласка! - ажывіўся хворы. - Хаця мне цяжка, хаця вясной можа над маёй труною трава нарасце, але пакуль чалавек жыве, усім цікавіцца. Я-ж працую толькі на карысць дзяржавы. Я-ж... Але што аб гэтым гаварыць. Самі, пэўна, чыталі аба мне ў газетах...
- А як-жа, а як-жа!
- Я і сваёй смерцю карысць прынясу? ужо загадаў, у выпадку чаго, хаваць мяне па-новаму, без крыжоў, з песняю: "Вы жэртваю палі".
Хворы выцер вочы. Шэптам:
- А памерці, аднак, яшчэ не хочацца. Падайце мне, будзьце ласкавы, тую бутэлечку.
Хворы ў лыжачку налічыў дваццаць кропель, даліў вадою, выпіў і паморшчыўся.
- Горкае, як палын...
Аграном глядзеў на яго з той нялоўкасцю, з якой заўсёды здаровы глядзіць на хворага.
Патупаўся на месцы і запытаўся:
- Можа вас не турбаваць, а гаварыць пра гаспадарку з гаспадыняй?.. Альбо другім разам, як ваша здароўе паправіцца? Ад рака таксама ачуньваюць. А можа ў вас і не рак...