Старонка:Biadula.Jazep Krusynski.2.djvu/5

Гэта старонка была вычытаная

10 слова ў слова, піша Мікола. Голас старога ўрачыста паважны, сямейны, прытульны. Ён смакуе кожнае слова, як мёд:

«Прашу цябе очанна і сардэчна, дарагі радзіцель, прыедзь па мяне ў Мінск, бо распускаюць рабфакаўцаў на зімовыя вакацыі».

Стары вызначыў гэтае слова паасобку, спыніўся і зірнуў на жонку з такім запытаннем, нібы пісьменны чалавек у слоўнік.

— Мудронае слова, ці што! Да яго сваім розумам я ўжо не дастукаюся.

Старая зноў пачала вочы выціраць.

Цыпрук на яе задаволена паглядзеў — слёзы радасці…

— Мікола прыедзе, — паўтарыла старая некалькі разоў адным тонам, як замову.

«Навін ніякіх не пішу, — чытае далей Цыпрук. — Прыеду дамоў усё па парадку раскажу, бо навін шмат, у лісце ўсяго не напішаш. Дзякаваць богу жыў і здароў, чаго і вам, мае родныя і любезныя, жадаю. Аб вас, радзіцелі старыя і адзіныя на свеце, вечна думаю і клапачуся. Вучуся добра, каб потым вам дапамагаць у бядзе ды ў горы, калі вам трэба будзе толькі на печы сядзець і грэцца, бо да ніякай працы не будзеце здатны. Я паступіў у комсамол, чаго і вам жадаю».

Тут ён зноў спыніўся. Задумаўся, утаропіў вочы ў печ, пачухаў бараду і затаемна ўсміхнуўся. Быццам гаварыў старой: «разумей, маці, як табе выгадней». Усхапіўся, як-бы нешта раптам успомніў, і скончыў скарагаворкай:

«Сваёю рукою подпіс падпісаў ваш дарагі сын Мікалай Кіпрыянаў Ярэмчык, які вам сардэчна і нізка кланяецца і чакае фурманкі, каб нецярпліва пабачыць сваіх радзіцеляў».

— У ком-са-мол-о-ол… — сказала старая на спеўны лад. — Глядзі вунь, куды гне!

— А кепска, ці што?

— Хто яго ведае! Не нам, старым, аб гэтым знаць.

— А чаму старым не знаць? — заартачыўся Цыпрук. — У старых мазгоў няма, ці што?