Старонка:Biadula.Jazep Krusynski.2.djvu/8

Гэта старонка не была вычытаная

А ў іх вясёлыя іскры ў вачах. Старыя кпліва на Саўку паглядаюць.

— Дык дзеля чаго ідуць у комсамол? — не адступае бацька.

— Ага, дзеля чаго? — зацікавіўся і Цыпрук.

«...Як на экзамене ўсёроўна, — падумаў Саўка. — Старыя бяруць мяне на цыгундар».

— Для ідэі! — нарэшце сказаў ён.

— Для яды? Мы-ж тое самае кажам, — узрадаваўся бацька.

— Не для яды, а для і-дэ-і!

— Што-ж гэта за птушка — і-дэ-я? — падазроным голасам запытаўся бацька.

— Што-ж за ядэя? — паўтарыў за ім, нібы водгалас, Цыпрук.

Вочы ў Цыпрука хітранькія і ад напружання слязлівыя. Яму вельмі важна выявіць комсамольскае становішча сына...

— Ідэя гэта тое, калі чалавек дбае не аб сваёй уласнай скуры, але думае аб іншых, калі стараецца наладзіць добрабыт грамады. Вось як комуніты робяць...

Так тлумачыў Саўка старым і быў сам не ўпэўнены ў сваіх словах. Ён зараз-жа скрытыкаваў сябе ў думках: «Ідэі бываюць у кожнага чалавека. Ёсць і буржуазныя ідэі». Для большай уласнай упэўненасці вытлумачыў ім слова комсамол:

— Комсамол — гэта Комуністычны Саюз Моладзі.

Старыя толькі галовамі ківалі і глыбокадумна сказалі:

— Т-т-так...

— Та-а-ак...

Не мог Саўка зразумець гэтае «так»: ці яно азначае, што старыя яго зразумелі, ці наадварот. Яму было непрыемна ад свайго няўдалага тлумачэння, і зайздрасць да Міколы з’явілася...

Мары Цыпрука, так пышна ўзгадаваныя Саўкавым бацькам, страцілі сваю каляровасць. Стары не ведаў, радавацца ці не такому здарэнню, што «яго» Мікола паступіў у комсамол...