С сьвежых лісяцеў чуцьця упляту я вянок
І злажу на магілу тваю;
Перэвяжэ яго дум жалобных маток,
Што апутаў душу ўсю маю.
На магіле вянок вечна сьвеж будзе мой,
Вечна зелен там будзе лежаць;
Ён ўхарошыць твой гроб сваей вечнай красой,
Ён сны будзе табе навеваць…
Сьпі, мой браце, спакойна! — Дарога жыцьця
За крутая была для цябе;
Луч ідэі пагас, паў сярод ты пуцьця,
А ніхто не памог у жальбе.
А ніхто рукі братняй табе не падаў, —
Ты адзін быў ды цемра укруг;
Сьветач ў перадзі згас, і бязсільна упаў
Твой збалелы замучэны дух.
Сьпі, мой брат малады! У грабовай цішы
Ніхай будзе спакойны твой сон;
Не баліць ужо сэрца, — спакою душы
Ўжо ня муціць больш бліжняго стогн.
Сьпі, мой брат малады. — Мой бяссмертны вянок
Я злажу на магілу табе;
Перевяжэ яго дум жалобных маток,
Што над ёю кружацца ў жальбе.
На магіле вянок вечна сьвеж будзе мой,
Вечна зелен там будзе лежаць;
Ён ўхарошыць твой гроб неувяднай красой,
Ён сны будзе табе навеваць!
|