Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/106

Гэта старонка не была вычытаная

— Відаць, што няграматны пісаў, — дабавіў пісар і сунуў гэту паперу пад сукно…

«Або няграматныя чыталі», — падумаў Гарбуз і, пакланіўшыся да пояса, выйшаў з канцылярыі.

Ідучы дамоў, ён увесь час думаў: «Хто граматнейшы: Юрка, што гэту заяву пісаў, ці суддзі, што не маглі яе прачытаць».

Ужо пачынала змяркацца, калі Гарбуз узышоў на двор. Першая яго спаткала жонка, якой ён і стаў расказваць, як было ў судзе.


1921



I

У маёнтку пана Манішэўскага жыццё ішло звычайнымі крокамі…

Пан, аддаўшы загад аканому, ехаў з паняю баляваць у бліжэйшы маёнтак, аканом ганяў да працы парабкоў, парабкі бурчалі пад нос і запускалі моцныя слоўцы і на пана, і на аканома…

Толькі вось у адзін дзень, вечарам, пан, не паспеўшы выскачыць з брычкі, паклікаў да сябе аканома і сказаў:

— Вайною пахне… Ты, Францішак, чым найхутчэй павінен мне прадаць Пасекі… Чуеш? Заўтра ж дай ведаць мужыкам аколічных вёсак, хай прыходзяць да мяне…

— Ну, а як жа, шаноўны пане, калі сячанскія мужыкі зноў перашкодзяць… іх жа сервітут…

— Ат! Я ім паабяцаю ў іншым месцы, а пакуль што мне ёсць рахунак прадаваць Пасекі… 3 гэтым трэба паспяшацца, бо… пахне і вельмі пахне вайною… Ну, дык ты іх пастарайся ўгаварыць, а ў нядзелю ў мяне будзе адвакат, я з ім параджуся наконта сервітуту…

Пан пайшоў да пакояў, а аканом зараз жа сеў на каня і паскакаў у Сячанку, якая знаходзілася вярсты за тры ад маёнтка… Сяляне якраз вярталіся з поля… Аканом заехаў да старасты і растлумачыў таму, у чым тут справа, прасіў старасту, які лічыўся ў вёсцы самым