Да нядзелі ў маёнтак не паказаўся ні адзін ваколічны мужык…
— Тут нешта нядобрае,— прагаварыў пан,— раней пішчом лезлі, каб прадаў ці зямлі, ці лесу, а то сам наказаў, і ніхто не ідзе…
Зараз жа загадаў запрэгчы брычку і разам з аканомам паехаў у Сячанку…
Хлопцы і дзяўчаты гулялі прыбранымі… Каля кожных варот стаяла па некалькі мужчын… Шмат хто пакланіўся пану, які на стаенным жарабцы пракаціў па вёсцы да старасты…
— Пасекі прывёз прадаваць,— смяяліся мужчыны… Каля стараставых варот сабралася вялікая грамада. Пан выйшаў ад старасты, а за ім аканом і стараста…
— Ну, што, мужчыны?
— Нічога, пане, жывём памаленьку,— адказаў Марцін Краўчонак,— толькі вось пан скрыўдзіць надумаў…
— Што ты, Марцін? Як і чым?
— Ды Пасекі пан, здаецца, мае замеры прадаць, а гэта ж нашы надзелы…
— У сервітуце, значыцца,— падхапілі сяляне…
— Вы што? Звар’яцелі? Вашы Пасекі?..
— Ды гэтак жа і ў данай паказвае… Яшчэ ваш нябожчык бацька павінен быў…
— Ну, гэта глупства мне гародзіце… Няхай вам нябожчык і дае… Вось хочаце, дык купляйце… Для вас я танней прадам… Зямля добрая, вось толькі пні павыдзіраць…
Андрэй Драчун не мог далей маўчаць..,
— Што гэта пан надумаў?
— Як што? Пасекі прадаць…
— Хто ж іх у пана купіць?
— Не купіце вы, купіць нехта іншы…
— Па-першаму,— пачаў Драчун,— яны клінам уразаюцца ў нашы палосы, дык хто гэта туды палезе, а па-другому — мы не дазволім, каб хто і хацеў купіць… Пан, пэўна, жартуе?!
— Як гэта не дазволім? Што? Вы зноў бунтаваць? Будзеце ўсе там, дзе сядзіць Бутрым, калі вы мне слова пікнеце… Даю вам два тыдні тэрміну… Падумайце і купіце, а не — дык!..