Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/111

Гэта старонка не была вычытаная

Ліпніцкі, буркаючы нешта сабе пад нос, завярнуў у бок Пасекаў і пачаў паганяць каня…

— Глядзіце, глядзіце! — крычалі малыя хлопцы,— то ж Андрэй Драчун едзе…

— Ах ты, ваяка!.. Ну, як здароў?

— Што, зусім ужо?

— На папраўку,— загаварыў весела Андрэй і пачаў цалавацца з усімі па парадку…

— Ай, ды стары ты стаў…

— А жонка, жонка як будзе рада! — гаварылі, вітаючыся з ім, бабы…

— Ну, а Пасекі як? — было яго першае запытанне…

— Ды вось толькі што Ліпніцкі тут быў, атаву яго паелі вясковыя коні…

— Гэ, Андрэйка, не бачыць нам Пасекаў, як сваіх вушэй… Гэткія палацы пабудаваў,— куды там!.. А Манішэўскі некуды ўцёк, калі пачало тут войска станавіцца…

Вечарам у Драчуновай хаце была чуць не ўся вёска…

— Не бойцеся, сюды немец не прыйдзе… Хутка яму капут…

— Я чуў,— казаў канцавы Міхалка,— што нібыта вясною замірэнне будзе?

— Можа, і будзе, але ненадоўга… Не з немцамі будзем ваяваць, дык з кім-небудзь…

— Няўжо ж з пранцузам? — запытала Тэкля, якая прыйшла да Андрэя, каб пісьмо сыну напісаць.

— А калі самі з сабой? — адказаў Андрэй…

— Ну, гэта не вайна,— смяяліся сяляне,— гэта так сабе… бойка… у гэткую вайну і мы можам пайсці… Толькі з кім нам біцца?

— Хіба з Ліпніцкім,— гукнуў нехта з грамады…

— Во, праўду сказаў… Але што ж яго нам біць: ён адзін, а нас вунь колькі!..

Раптам праскрыпелі дзверы…

— Гэта што за сход? — і ўраднік, бразгаючы шпорамі, пачаў праціскацца да стала… Усе змоўклі і пачалі скідаць шапкі…

— Тут чыя хата?

— Мая,— адказаў Драчун…

— Вайсковы?