Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/114

Гэта старонка была вычытаная

— Не браць! — загукаў, прыбегшы туды, Андрэй, — калі загарэлася, няхай усё гарыць, каб духу панскага не асталося…

А праз паўгадзіны яшчэ святлей стала на Пасеках… Загарэўся маёнтак Манішэўскага…

Частка людзей пабегла туды… Аканом Манішэўскага, які не паспеў уцячы разам з панам, бегаў на дзядзінцы і прасіў, каб затушыць…

— Цябе яшчэ туды ўкінуць, — закрычаў здаравенны парабак Яўхім, — хай згарыць гэта паганае гняздо, каб не было куды варочацца звярам-кравапіўцам… Мы там не жылі…

— Мы сабе лепшыя пабудуем, якія не будуць успамінаць аб мінулым.

Толькі панскія падлізнікі бегалі наўкола палаючага пакоя і шапталі пацеры…

Стары Ахрэм, які трыццаць пяць год праслужыў пастухом у гэтым маёнтку, выйшаў з пякарні і пазіраў на вогненную стыхію, якая штораз, то ўсё хутчэй і шчырэй несла дымам ахвяру да неба, каб скупіць прад чалавецтвам усе тыя здзекі і ўчынкі, якія ўтвараліся ў гэтых пакоях…

— І там светла, — сказаў Ахрэм, пазіраючы на Пасекі, — і новае гняздо дымам нясецца ўгору…

— Не шкада табе, Ахрэм, што гэткія пакоі і ўсё дабро ў іх нішчыцца? — падышоўшы, запытаў яго Яўхім…

Ахрэм доўга маўчаў, а пасля адказаў:

— Не. Хоць гэта ўсё і наша, але не шкада…

І здавалася, што ўся зямля хутка загарыцца, а неба ўтопіцца ў чырвоным водбліску пажару.

На Пасеках пагарэла ўсё.

Парабкі і дзяўчаты разышліся хто куды папала. Ліпніцкі быў арыштован, але пасля немаведама дзе загінуў…

Сяляне захадзілі каля Пасек…

Той, хто прадаў, і той, хто купіў — абодва загінулі… Усё ж такі наша — нам…

…А прайшло некалькі тыдняў. Ліпніцкі як з зямлі вырас. Ён зноў з’явіўся разам з находам немцаў.

Усё было зруйнавана… Толькі абгарэлыя шуллі стаялі, як тыя вартаўнікі размытага дажджом вогнішча…