— Вось тут… Я калісь…
Але крык людзей і скрып калёс вывелі яго з задуменнасці… Ён азірнуўся і пабачыў, што сячане вязуць бярвенне з яго бору.
— Стойце! — крыкнуў ён нечалавечым голасам.— Спалілі, зруйнавалі!.. А цяпер яшчэ… Эх вы, зладзеі!..
Не паспеў ён аглянуцца, як магутная рука Яўхіма абхапіла яго шыю…
— Дык ты яшчэ жыў? Сабака паганы!
— Не душы, не трэба рук мараць! — загаманілі мужчыны.
— Каб гэтак я свайго злавіў пана — тут бы з яго і дух вон. А ты… не стоіш таго, каб Яўхім цябе… Нікому не скажаш?
— Не…— прашаптаў Ліпніцкі і чуць-чуць пачаў дыхаць.
Сячане абкружылі Ліпніцкага і сталі трымаць раду, што з ім рабіць…
— Шкада,— сказаў аднавокі Кузьма,— паўцякалі нашы хлопцы. Яны б ведалі, які суд над ім учыніць… Вось Андрэй бы Драчун быў, якога ты прадаў калісь, помніш?
— А ён… вярнуўся? — дрыжачым голасам запы-таў Ліпніцкі.
— Га! — падхапіў Яўхім.— Ты думаў, што яго загубіў? Такія, як ён, не гэтак хутка гінуць… не гэтак лёгка… а вось ты тут жа павінен знайсці сваю сабачую смерць…
— Пусціце… бярыце і сячыце!
— Ды не за гэта, а за тое, што чалавека прадаў…
— Даруйце… Я вінен у тым…
— Годзе! — угаворвалі мужчыны Яўхіма.— Ён сам сабе галаву хутка зверне, навошта мараць рукі…
— Жыві, паганае стварэнне, ды глядзі, каб аб гэтым спатканні, апроч нас ды гэтай Пасекі, ніхто не ведаў…
Ліпніцкі пабажыўся, што нікому не данясе…
Праз тыдзень сячане даведаліся, што ў Даўгабродскім лесе Ліпніцкага знайшлі павешаным…
— Сабаку — сабачая смерць,— сказаў Яўхім,— яшчэ на другую галіну Манішэўскага трэба было павесіць…
Сячане захадзілі каля Пасек.