як камуна ў нас спраўна працуе. Напэўна, хутка мы ўсе сюды запішамся і загоны свае далучым да Пасек…
— Вітаю вас, братцы, вітаю з добрым пачаткам! Збожжа, што я сеяў тут, не загінула…
— О, не! — падхапілі сячане.— Яно ўжо дало добры прыклад.
— Вось той,— казаў Андрэй да грамады,— хто першую жменю волю і братэрства пасеяў у нашай вёсцы, за што і пасівеў у астрозе…
Сонца, як бы нарочна, гэтак пачало пячы, што ўсе прымушаны былі пайсці ў цянёк, дзе доўга гутарылі з Бутрымам, што робіцца на свеце… а пасля ўсе гуртам праводзілі яго да самай вёскі.
— Калі Бутрым пахваліў нас,— гаварылі ў камуне,— значыць, справа наша ўгору ідзе…
I на Пасеках яшчэ шпарчэй пайшла праца… Слава аб камуне пайшла на ўсю акругу. Шмат людзей прыходзіла паглядзець, як жывецца, як ідзе праца, а шмат хто прыходзіў і чаму-небудзь павучыцца.
У адзін дзень, якраз у час полудню, каля ганка астанавілася каламажка, і ў ёй сядзеў бацюшка суседняга прыходу.
Усе здзіўлена пераглянуліся і пачалі рагатаць.
— Бачыце, бачыце,— сказаў адзін хлапец,— бацюшка прыехаў у камуну запісацца.
— А-а? — сказаў Пётра, гадоў пад сорак пяць мужчына.— Ды гэта ж мой бацюшка: я ў яго калісь тры гады служыў.
Андрэй выйшаў на ганак.
— Здраствуйце! — сказаў бацюшка і зняў капялюш.
— Добры дзень! — адказаў Андрэй.
— Хто ў вас тут старшы?
— У нас няма старшых, усе мы роўныя!
— Значыцца, з вамі таксама можна гаманіць?
— Можна.
Бацюшка злез з воза, прывязаў лейцы за драбінку і ўзышоў на ганак.
— Я вось хацеў бы,— пачаў ён,— каб тут, на Пасеках, дастаць з паўдзесяцінкі сенажаці скасіць. Вядома, што хоць бы на пэўную частку. А то мае суседзі аднялі ў мяне да апошняй дзесяцінкі. А кароўку маю… трэба ж зіму як-небудзь пракарміць.