ўчоце, а пасля, як у час жыццёвай завірухі ў воласці пагарэлі паперы, дык ніхто ў другі раз не ішоў запісвацца… Нават і навароджаных сяляне не пісалі ў пасямейныя спісы…
Усё роўна згінуць паперы… Дык новошта іх псаваць запісамі… Ды не запісаўшыся, ніхто і ведаць аб табе не будзе, а гэта і найлепей,— разважалі венцяроўцы і ўсё глыбей і далей залазілі ў лазу ды балота.
Воласць шмат разоў прабавала прысылаць той ці іншы загад, але венцяроўцы былі няграматныя і загадаў ніколі не чыталі. А калі аднаго разу ў асеннія замаразкі з воласці прыехала некалькі чалавек, то ўсе жыхары разбегліся па балоце, асталіся толькі дзеці ды старыя кабеты. Пасля гэтага воласць махнула на ўсё рукою і больш да іх не прыязджала…
Але вось аднаго разу негадана-нечакана бяда здарылася, ды такая, якой самы старэйшы селянін вёскі не памятае.
Быў цёплы летні дзень… Венцяроўцы працавалі — хто на полі, хто на сенажаці, а хто проста каля хаты. Невядома, што быў за дзень: панядзелак ці пятніца, свята ці будні, бо венцяроўцы днёў не лічылі і святкавалі тады, як не было працы…
Дык вось у гэты самы дзень здарылася тое, што заварушыла балота і раз назаўсёды жыццё венцяроўцаў зрабіла неспакойным…
Было ўжо крыху за поўдня, але сонца смаліла нібы лучынкаю… Наўкола была такая ціша, што плясканне рыбы ў рэчцы было чуваць за некалькі ганей.
Раптам да вёскі пачалі далятаць нейкія нячутныя дагэтуль гукі — ні то гудзенне жука, ні то малатарні… Але гэта не быў шум лесу, які гэтак часта напяваў свае нудныя спевы венцяроўцам.
Мужчыны і кабеты, дзе хто ні быў, пачалі азірацца і паглядаць угору… На іх тварах быў прымецен нейкі перапалох…
Шум чагось невядомага ўсё гучней і гучней далятаў да іх вушэй…
Прайшло некалькі хвілін, і венцяроўцы ўбачылі, што далёка-далёка ў блакітнай высі плыве да іх нешта бліскучае, вельмі пахожае на птушку-стрыжа, якая палошча паветра перад дажджом…
Гэта птушка ўсё бліжэй і бліжэй ляцела да іх паляны…