Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/27

Гэта старонка была вычытаная

І запала тады іскра ў сэрца грудзей,
Запаліла там помсты пажар,
І з агнём тым у свет я пайшоў да людзей,
Песні сам пачаў пець я пра волю смялей,
Каб быў кожны сабе гаспадар.

Бач, ад песні маёй скалыхнуўся ўвесь свет,
Сонны край я ураз разбудзіў…
І на тым кургане, дзе спяваў сумна дзед,
Дзе мінулай няволі не змыт яшчэ след,
Прамень шчасця ужо засвяціў.

Паўстаюць, як з зямлі, рвуцца к волі з цянёт,
Песня ў сэрцы спаткала адгук!
Йдуць да сонца яны, йдуць к жыццю — напярод,
Абагрэцца хутчэй, асушыць кроў і пот,
Загаіць мазалі чорных рук…

Ведай, свет, я вясковы — мужычы сынок,
Я пяю, што пяе селянін…
А ты чуеш? Іграе заводаў гудок,
Ў кузні гучна звініць каваля малаток, —
Пра адно мы пяем як адзін!

1921


Загарэўся усход… Бляск зарніцы патух…
На траве слёзы буйнай расы…
Грае ў вёсцы труба — выганяе пастух…
Між кустоў чутна песня касы.

Забялелі шнуры ад кашуль мужыкоў,
І калышуцца хваляй рады…
Свіст касы, звон мянташак, брускоў
Ды ад ног на балоце сляды.

За пракосам пракос выплывае уміг
3 мора вечна зялёнай травы…
Касцоў песціць рукой санцавей залаты, —
Чэша променем сноп галавы.