Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/59

Гэта старонка была вычытаная

Мая ж песня звонкая
Чуе кпіны вуліцы.

Сыплюць словы ласкавы,
Ў сэрца жалам колюцца…
Адкажу я казкаю:
Пройдзе усё, загоіцца…

Шмат хто нездаволены
Маёй песняй-думаю,
А я песняй вольнаю
Гэта усё раздумаю.

Пташка песняй ранняю
Будзіць лес азелены…
Ў сэрца я паранены,
Вольны птах падстрэлены.

Але песні гучныя,
Нашы песні — вольніца…
Нашто быць засмучаным,—
Пройдзе ўсё, загоіцца.

Сёння радасць плёскае,
Ў сэрцы песні — воля там.
Хай жа людзі жорсткія
Сыплюць словы золатам.

У жыцці ўсё вынесу,
Мне не страшны ворагі,
Песняй радасць выплесну,—
Ўсё, што сэрцу дорага.

Гэй вы, песні-песенькі,
Мной вы не асуджаны…
Ветрам вы разнесены
Па краіне ўзбуджанай.

Гэй вы, песні гучныя
Майго сэрца вольніца…
Нашто быць засмучаным,
Пройдзе усё, загоіцца.

1926