Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/65

Гэта старонка была вычытаная

2



Здароў, паэт! Здароў, зямляк наш!
Цябе вітаць заўсёды рады…
Не спазнаеш сваіх зямлянак…
Скуль к нам? 3 Масквы ці Ленінграда?..

Ах, толькі з Мінска. Знаем, знаем.
Што там чуваць? Ці жыць цікава?
Мы чулі — Мінск звініць трамваем…
Для нас таксама гэта — слава.

Будынкі новыя, заводы —
То ж сіла горада і наша…
Вось толькі б не парушыць згоды,—
Кітай вайною штосьці страшыць…

Ды толькі мы не палахлівы,
Хто нам не слаў сваёй пагрозы…
А мы — будуем калектывы,—
Такі у нас мужычы розум.

Мы ведаем, што вораг хоча
Прынесці зноў нам шмат урону…
Калі жыццё наперад крочыць —
Не трэба лепшай абароны.

3



Зямля, зямля. О, колькі моцы
Захоўвалі твае глыбіны…
О землякі мае вы, хлопцы,
Узняць вы гэту моц павінны.

А горад? — горад вам паможа,
Рабочых рук і там мільёны…
Жыццё мы разам упрыгожым,
Хоць цяжка нам усім сягоння.

О, радасць дзён! Сустрэчы радасць,
Ўсё апісаць хто словы знойдзе…
Такая ж для мяне прынаднасць
На кожнай фабрыцы й заводзе.