Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/79

Гэта старонка была вычытаная

Чырвоны колер ціхіх хваль…
У іх відаць адбітак неба,
І з тых краёў, дзе смерць і баль,
Руччы крывавыя шле глеба.

Русалкі скачуць з лесуном.
Музыка грае — «бух ды бразь!».
І вось, хто спаў адвечным сном,—
Усплыў над возерам — «сам князь!».

Не далі спаць. Вайна, агонь
Руйнуе ўсю яго краіну.
Пад ім стаяць не хоча конь.
І кліча князь сваю дружыну…

Русалак рогат… Ночы ціш…
Пужаюць князя над вадою…
Адказ чуваць: «Чаго крычыш?
Твая дружына там, з табою».

— А дзе паслухны мой народ?
Ён за мяне у бойцы ляжа!..
І чуе шум крывавых вод:
— Цяпер ён сам сабою княжыць!

І злосна князь рвануў каня,
Падняў уверх пярэдні ногі,—
На ўсход зірнуў, дзе золак дня,
Дзе кроўю змочаны дарогі…

Вось чуе раптам — «бух ды бразь!»
У саму поўнач ціхай ночы…
І зноў паплыў на дно наш князь,
Закрыўшы шлемам твар і вочы.

Блакітна-белы князя цень
Заслаў ўсё возера туманам,
І ходзяць хвалі ноч і дзень,
Шумяць і вечарам і рана.

Лясун, русалкі там рагочуць,
К сабе ўсіх маняць, кажуць: «Глянь!»
Ў вадзе чырвонай шмат хто хоча
Уночы бачыць князя здань.