Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/11

Гэта старонка была вычытаная

што яны нічога не варты перад ім, а ён мае права распараджацца ўсім светам.

Вось ад гэтага ўсяго і мучыўся Серж, стоячы за вуглом. Свет яму не быў мілы. Надыходзіў вечар, а ён усё стаяў. Выйшаўшы пасля на вуліцу, ён убачыў на тратуары свайго аднакласніка — белабрысага Мішку. Гэты Мішка вельмі ўзрадаваўся, калі апынуўся каля Сержа. Шырока расцягнуўшы ад усмешкі твар, ён сказаў:

— Я думаў, што ты дадому ўцёк, а ты тут быў. Што ты тут так доўга рабіў?

— А ты раней мяне бачыў?

— Дзіва што бачыў. Я унь там ішоў, як гэты стары трос цябе за плячо

І Мішка пляснуў сябе па халяве тоўстым скруткам тэлефоннага шнура.

— Дзе ты гэты шнур узяў? — хрыплым голасам абазваўся Серж, каб абы перавесці гаворку на што-небудзь іншае. Гэта ж вельмі дрэнныя справы, што яго ганьбу бачылі і на вуліцы людзі.

— Гэты стары зноў тут ходзіць, — не пакідаў свае гаворкі белабрысы Мішка. — Толькі што ён у тым завулку ў краме купляў яблыкі…

— Адрэж мне палавіну гэтага шнура.

— Хітранькі. А што ты мне дасі за гэта?

Сержу ніякага шнура не трэба было. Яму абы-што гаварыць. Яны паволі ўжо ішлі тратуарам. Мішка кпліва і хітра паглядаў на Сержа, і таму гэта было горш за ўсё. Ён ведаў, што назаўтра Мішка на ўсю школу разнясе навіну, што яго на вуліцы трэслі за плячо. Ды каб жа толькі трэслі. Гэта было б яшчэ нічога. Але Мішка не такі хлопец, каб сказаць так, як яно было сапраўды. Ён у дзесяць разоў яшчэ ад сябе дадасць таго, чаго зусім не было. Ён будзе расказваць, што гэты стары круціў яго за вушы, цягаў за валасы. І расказваць будзе са страшэнным рогатам, а гледзячы на яго, і ўсе будуць рагатаць. Такой ганьбы і няславы Серж не можа вытрымаць.

Яны дайшлі ўжо да самага чыгуначнага пераезда.

— Унь ён! — гукнуў белабрысы Мішка.

Серж азірнуўся. За крокаў трыста ад сябе, у святле вулічнай лямпы ён убачыў высокага старога. Той паволі сабе ішоў і еў яблык.

— Хадзем хутчэй, каб ён нас не дагнаў, — прагаварыў Серж.