Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/14

Гэта старонка была вычытаная

Усе ў школе пачалі заўважаць, што з Насцяй пачало рабіцца нешта нязвычнае, чаго з ёй раней ніколі не было. Яна заўсёды была самая ўзорная вучаніца, а гэта пачала пазніцца ў школу. Яна была заўсёды самая акуратная ва ўсім, а гэта стала прыходзіць у школу з растрапанымі валасамі і ў перапынку паміж урокамі канчала сваю прычоску. А адзін раз на вялікім перапынку яна паспела некуды са школы збегаць і прынесці ў школу нечага поўную торбу і палажыла ў парту разам са сваімі кнігамі. Гэта было дзён праз чатыры пасля таго, калі Серж з белабрысым Мішкам перапіналі шнуром уваход у дом, дзе жыў стары высокі чалавек. У адзін з гэтых дзён, зранку, Серж папрасіў у бацькі пяць рублёў. Бацька збіраўся ісці на работу і спешна пераглядаў нейкія паперы і складваў іх у партфель.

— Нашто табе пяць рублёў? — мармытнуў сабе пад нос бацька, заняты сваімі справамі.

— Трэба.

— Не трэба табе так многа.

— Ай, трэба! — закрычаў Серж такім прарэзлівым, пісклівым і распешчаным голасам, што бацька заткнуў рукамі вушы, пасля выхапіў з кішэні пяць рублёў і кінуў Сержу, а сам зноў паглыбіўся ў свае паперы.

Узрадаваны поспехам, Серж зноў сказаў:

— Я сёння хачу паехаць у школу на машыне.

— Не свавольнічай, ідзі так, як усе дзеці, — мармытнуў сабе пад нос бацька.

— Ай! На машыне! — яўкнуў Серж мацней яшчэ, як першы раз, і з радасцю ўбачыў, што бацька зноў заткнуў вушы.

— Ай, ехаць на машыне! — запішчаў ён другі раз і яшчэ з большай радасцю ўбачыў, што бацька ўсхапіўся са свайго месца і выбег у другі пакой, дзе чакаў шафёр, каб неўзабаве везці Сержавага бацьку на працу.

— Завязіце яго ў школу, ён мне жыць не дае, гэты чарцюк, — сказаў бацька шафёру і пабег да сваіх папераў.

Падміргнуўшы некуды ў цёмны кут карыдора, Серж пайшоў садзіцца ў машыну.

З вельмі паважным выглядам ён падкаціў на машыне да школы і вылез з яе. Ён аж млеў ад шчасця, бачачы,