Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/17

Гэта старонка была вычытаная

— О, мне туды зноў хочацца. Там такі лес і такая рэчка! Мы з мамай так любім лес. А ўвосень — які лес прыгожы! На полі мокра, пуста, вецер ходзіць, а ў лесе хвоі густа стаяць; зелена, зацішна, свежа і толькі ўверсе вецер у хвоях — ш-ш-ш… А ядловец — зялёны стаіць пад якім-небудзь вялікім дрэвам. А на крушынавым ці на арэхавым кусце астанецца часамі адзін жоўты лісток, і так на яго слаўна глядзець. Ого, я люблю тое месца, дзе мы жылі. Мая мама казала, што, як скончыць навуку, будзе прасіць, каб яе паслалі на працу ў вёску. Яна казала, што любіць так вёску таму, што радзілася і вырасла ў ёй. Я таксама радзілася і жыла ў вёсцы.

— А хто быў твой тата?

— Мой тата быў вясковы настаўнік, а мама была родам з той самай вёскі, куды прыехаў працаваць мой тата. Мама мая ледзьве ўмела чытаць і пісаць, а тата яе навучыў больш, і мама паехала на настаўніцкія курсы. Так і яна стала настаўніцай. Пасля радзілася я, а тата мой памёр, і мама пачала вучыцца ў завочным інстытуце. Яна ўсё сама вучылася і кнігі чытала і цяпер мне ўсё піша з Масквы, каб і я вучылася і кнігі чытала. А мой дзед — гэта татаў бацька, ён родам з гэтага самага горада. Мама мая летась доўга хварэла, у яе было запаленне лёгкіх, яна захаладзілася і ўвесь канец леташняй зімы не працавала ў школе, а цяпер паехала ў Маскву, а дзед прывёз мяне сюды, ён любіць гэты горад, а ў вёсцы там, ён кажа, яму не было чаго рабіць.

— А што ён тут робіць?

— Ён мяне глядзіць. Ён і суп варыць, і ў печы паліць, і на рынак ходзіць.

— А як ён грошы зарабляе?

— Ён стары. Ён атрымоўвае пенсію. Ой, дзевачкі! Ён такі хворы, у яго запаленне лёгкіх. Ён мне сказаў, што адзін хуліган з нашай школы (ён яго ведае) укінуў яго ў ваду на вуліцы, і ён з гэтага захаладзіўся. Ой, дзевачкі, я цяпер устаю вельмі рана, яшчэ за дзве гадзіны перад тым, як ісці ў школу. Я стаўлю чай і кармлю дзядуньку, а пасля бягу ў школу, а на вялікім перапынку ў краму бягу, а са школы бягу дадому хутчэй падпаліць у печы і зварыць суп і дзядуньку пакарміць. Ой, дзевачкі!

— А хто гэта з нашай школы яго ў ваду ўкінуў?

— Ён ведае; ён, як паправіцца, прыйдзе ў школу і скажа.