— Не хадзі нікуды, сядзі дома.
Серж, ведама, не прывык слухаць таго, што гаворыць бацька, і пайшоў к дзвярам, але пачуў бацькаў голас:
— Каму я гавару, — табе ці гэтай сцяне?
— Сцяне, — весела хіхікнуў Серж і адчыніў дзверы, але бацькава рука хапіла яго за плячо і ўцягнула назад у пакой.
— Раздзявайся, — сказаў бацька.
— Чаму гэта, каб я раздзяваўся?
— Раздзявайся.
— Не хачу.
— Не, ты зараз захочаш.
— Не.
— Захочаш.
— А от і не.
Бацька сарваў з Сержа паліто і шпурнуў у кут.
— Трэба было раней думаць пра гэта, а то ты патураў усім яго капрызам, а цяпер агледзеўся, што з яго выйшаў хуліган, — сказала маці і заплакала.
Гледзячы, як маці плача, Серж здагадаўся ўжо, што адбылося нешта непрыемнае, і ён устрывожыўся. Апусціўшы вочы ў падлогу, ён стаяў і маўчаў.
— Глядзі мне ў вочы, — сказаў бацька.
Серж утаропіў свае вочы на бацьку так, што той аж уздрыгануўся.
— У цябе хапае смеласці глядзець мне ў вочы?
— Ты ж казаў, каб я табе глядзеў у вочы?
— Ты здзекуешся з бацькі?
— Я ж цябе слухаю.
Бацька аж пазелянеў ад злосці і хапіў сына за каўнер рубашкі. Ён яго хацеў біць, але маці не дала. Серж злосны і пакрыўджаны горда сказаў бацьку:
— Чаго ты мяне мучыш?
— Гэта ты папу мучыш, — сказала маці.
— Што я яму кепскае зрабіў?
— Ты старога чалавека ў ваду ўкінуў — ён цяпер хворы.
— І яшчэ раз укіну, калі будзе хапаць мяне на вуліцы за каўнер. Я яго не чапаў, ён першы.
— Ён бараніў ад цябе дзяўчатак.
— Цераз гэтых дзяўчатак я ў лужу ўпаў.
І раптам Сержа апанавала крыўда; ён успомніў, як ён запэцкаў у гразь новыя свае штаны. К таму ж ён адчуў,