Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/29

Гэта старонка не была вычытаная

ця: зрываў з кустоў лісце і нюхаў, хапаўся рукой за вяршкі маладых хвоек…

— Бандыты будуць вас лавіць, — сказала дзяўчына.

Фурманшчык зноў спалохаўся.

— А гэта што? — сказаў вясёлым тонам Закрэўскі, каб падбадзёрыць фурманшчыка, і дастаў з‑пад піджака рэвальвер, якога бандыты не паспелі забраць.

Тут Закрэўскі пачаў мацаць па кішэнях і стаў неспакойны.

— У часе гэтай мітусні недзе згубіў рэвальверныя набоі. Толькі ўсяго і ратунку таго, што ў рэвальверы нявыстраляныя.

Дзяўчына паказала нам, у якім баку бліжэйшая вёска. Мы з Закрэўскім пайшлі ў той бок лесам, а дзяўчына з фурманшчыкам ішлі за намі крокаў за пяцьсот.

Нам трэба было перайсці ўпоперак дарогу, а там, цераз невялікі лясок, мы выйшлі б ужо ў адкрытую, людную мясцовасць. Але ў гэтым месцы мы наткнуліся на двух бандытаў. Мы іх пазналі, на гэтай самай дарозе яны ўчора падышлі былі да нашага воза. Відаць, бандыты разбрыліся цяпер па ўсім лесе, шукаючы нас; напэўна, яны ўжо ведалі, што дзяўчына іх ашукала. Гэтых двух мы ўбачылі па той бок дарогі, яны выглядалі з‑за дрэва. Трэба было прабіцца сілай. Як я шкадаваў, што ў мяне няма маёй вінтоўкі. Два бандыты нас яшчэ не бачылі. Закрэўскі закрыў мяне сваімі плячыма і сказаў так бегчы за ім. Мне стала так сорамна перад ім, што ён, старэйшы, закрывае мяне, маладзейшага, што я пачаў прасіць, каб ён даў мне свой рэвальвер, а сам ішоў за мною.

— Слухай, што я табе скажу, — сярдзіта скамандаваў ён мне моцным шэптам. — Марш за мной, і каб я ад цябе больш ні слова не чуў. Крычы разам са мной «ура».

Я сябе так адчуў у гэты момант, што быццам бы мне было ўсяго год пяць. Скажу табе, што незавідная гэта справа, калі нехта цябе ратуе, а ты не можаш нават і памагчы яму, а ні то, каб самому сябе ратаваць. Мы закрычалі і пабеглі проста на бандытаў; бег я, хаваючыся за Закрэўскага плечы. Закрэўскі, крыкнуўшы, стрэліў з рэвальвера. Ад такой нечаканасці тыя два перапалохаліся і затрапяталіся. Можа, яны нават і не разгледзелі нас як трэба; адзін з іх стрэліў нам насустрач, і яны кінуліся бегчы. Я ўбачыў, што Закрэўскі раптам пачаў прыпадаць на адну нагу, але ў такой сумятні адразу не здагадаўся,