Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/36

Гэта старонка не была вычытаная

стаўніца сказала даведацца пра Насцечку, як яна жыве са сваім хворым дзедам, Рая, Фаня і Надзя пачалі вельмі часта прыходзіць да сваёй падругі.

Рая здавалася самай сталай з іх траіх. У яе былі дзве зусім яшчэ малыя сястрыцы, і адна з іх была слабага здароўя і даволі часта хварэла. Раінай маме было многа клопату і працы, і Рая ўсё памагала ёй. Рая ўжо ўмела зварыць які хочаш суп, умела добра засмажыць мяса і прыгатаваць усё што трэба. Яна вельмі добра вышывала і някепска шыла. Невядома, хто ад каго пераняў, — ці Рая ад Насцечкі, ці Насцечка ад Раі, але Рая таксама, як і Насцечка, мела прывычку часам запішчаць: «Ой, дзевачкі!» Апошнімі днямі Рая ганарылася тым, што яна сама сабе перашыла плацце. На твары яе было некалькі вяснушчатых крапінак, а валасы яе шчыльна ляжалі на галаве пад грабянцом. Яна была вельмі падобна да Насцечкі — і з голасу, і з постаці, і з усяго выгляду, і са свае сталасці.

Фаня не была падобна да Раі і Насцечкі. Перш за ўсё, яна была на год за іх маладзейшая і меншая ростам. Валасы на яе галаве густа кучаравіліся, гаварыла яна павольна, быццам спявала. І ўжо ніяк ад яе нельга было пачуць якога‑небудзь раптоўнага выкрыку: «Ой, дзевачкі!» Перад тым як сказаць слова, яна падумае і тады праспявае ўжо тое, што хоча сказаць.

А Надзя была вялікая рагатуха. Яна вельмі любіла рагатаць. Раптам скажа:

— Я піла ваду і аблілася.

І зарагоча. А то часам здарыцца ёй паслізнуцца па лёдзе і ўпасці, а вядома, калі толькі што ўпадзеш, то ў першы момант не баліць. Забаліць крыху пасля, калі моцна даўся. Дык у такіх выпадках Надзя раней зарагоча, а тады ўжо заплача.

Вось гэтыя тры дзяўчынкі і ўвайшлі цяпер у Насціну кватэру.

Рая наступіла нагой на рассыпаны гарох і ледзьве не ўпала.

— Ой, дзевачкі! — крыкнула яна.

А Надзя, вядома, што зрабіла пасля гэтага, — яна адразу зарагатала. Затое Фаня падумала і паважна праспявала:

— Трэба гэты гарох пазбіраць, а то тут можна ўпасці.

— Ой, дзевачкі, давайце збіраць гарох! — крыкнула Рая, і яны ўсе ўчатырох прыгнуліся к падлозе.