ватовае паліто з простым бобрыкавым каўнярком і вузенькім суконным паяском.
Яна не была чым-небудзь адметнейшая ад іншых дзяцей. Таксама, як і ўсе, любіла бегаць па двары на вялікім перапынку, любіла слухаць расказы, гуляла ва ўсе гульні, у якія толькі гулялі дзеці, і заўсёды ўносіла ў гэтыя гульні весялосць: яна любіла парагатаць. Яе звонкі голас і смех чуліся заўсёды, — ці то ў карыдоры, ці то на дварэ. Яна мела прывычку часта гаварыць: «ой, дзевачкі!» Часамі, бегучы, спатыкнецца і ўпадзе, і тады закрычыць:
— Ой, дзевачкі, я так далася каленам.
Вучылася яна вельмі добра. Яна старалася вучыцца. Нешта дні праз два пасля здарэння на вуліцы паміж Сержам і старым чалавекам, у пятым класе вучні рабілі арыфметычныя прыклады. Адзін прыклад асабліва здаўся цяжкім бадай-што ўсяму класу. Насця Закрэўская стаяла ля класнай дошкі, ціснула ў пальцах крэйду, глядзела на слупок выпісаных ёю на дошцы лічбаў і думала. Нешта ў яе тут не выходзіла. Дзеці глядзелі ў свае сшыткі. Настаўніца сказала да ўсяго класа:
— Хто зрабіў прыклад?
— Я, — абазвалася адразу некалькі галасоў. Абазваўся таксама і Серж.
— Правільна робіць прыклад Насця? — запытала настаўніца.
— Правільна, — пачуўся голас.
— Не, няправільна, — крыкнуў Серж.
— Адзін кажа: «правільна», а другі — «няправільна», — сказала настаўніца. — А ты, Насця, рабі да канца так, як пачала.
— Яна няправільна робіць! — закрычаў Серж. — Я ўжо зрабіў і ведаю. Я выйду за яе зраблю, яна не зробіць.
— Цябе не выклікалі да дошкі, ты і сядзі, — пакрыўдзілася Насця. — Я сама без цябе зраблю.
— Ты не зробіш! — аж падскочыў Серж.
— Дзеці, ціха! — моцна сказала настаўніца.
— Яна толькі будзе час траціць і не зробіць, а я зраблю! — ужо зусім крыкнуў Серж.
Зняважаная Насця злосна глянула на Сержа і зачырванелася. Серж кпліва на яе глядзеў з гордым выглядам ад таго, што ён больш ведае за Насцю.
— Сядзі, Серж, на месцы і маўчы. Ты перашкаджаеш Насці і ўсім, — сказала настаўніца.