Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/9

Гэта старонка была вычытаная

тулькі было ў Насціных вачах пагарды да яго, што ён не вытрымаў. Як гэта яна, гэтая нейкая Насця, можа так зневажаць яго? Даволі таго, што ўжо і ў школе тады яна ўзяла верх над ім, што спачуванне ўсяго класа было на яе старане, і яна быццам нейкім героем была ў тую мінуту, калі ішла ад дошкі на сваё месца пасля арыфметычнага прыклада. А звыш усяго, яшчэ і настаўніца прабрала яго. Усе гэтыя крыўды выплылі раптам на верх яго душы і пачалі кіраваць яго ўчынкамі.

Серж грозна падбег да Насці і загарадзіў ёй дарогу. Ён ужо нарыхтаваў кулак, каб штурхануць Насцю пад бок, і ў Насціным твары адбылася момантная змена. Страх і баязлівасць засвяціліся ў яе вачах. Яна шпарка адступіла на крок ад Сержа і бездапаможна азірнулася. Але, мусіць, яна, азірнуўшыся, убачыла нейкі свой паратунак, бо зноў смела зірнула на Сержа і нават крыкнула яму:

— Пусці, хуліган!

Серж не зводзіў з Насці вачэй і нічога навокал сябе не бачыў. Ён падняў кулак над Насцяй, і ў той жа момант моцная рука, якраз, як некалькі дзён таму назад, хапіла яго за плячо. Ён шпарка ўскінуў угару вочы і жахнуўся: над ім стаяў той самы высокі стары.

— Дык выходзіць, што ты кожны дзень на паляванні бываеш?! Ах, гадзюк пракляты, — сказаў стары чалавек і злосна адштурхнуў ад сябе Сержа.

Серж адляцеў убок і ўскочыў у двор вялікага дома. У той момант, калі чалавек трымаў яго за плячо, ён бачыў, як Насця стаяла перад ім упэўненая ў сабе, вясёлая і смелая. Выглянуўшы цяпер з-за вугла, Серж бачыў, што Насця была ўжо далёка. Стары чалавек ішоў за ёю, а не побач яе, і цяжка было ўгадаць, ці гэта яны разам ідуць, ці гэта яны проста выпадкова сышліся на вуліцы і нават не ведаюць адзін аднаго.

Якія няўдачы і якая ганьба спасцігла Сержа за апошні час! А да гэтага ён не прывык.

Яму заўсёды ўсё ўдавалася, і заўсёды ён меў тое, што толькі захоча. Бацька яго быў даволі буйны работнік у горадзе, і многа людзей яго ведала. Ён быў заўсёды вельмі заняты працай, можна сказаць, што ён працаваў з цямна да цямна. Нават і ў выхадныя дні ён часта бываў заняты. А калі выдаралася яму вольная часіна, ён садзіўся ў машыну, браў з сабой свайго адзінага сына Сержа і выязджаў за горад адпачыць на прыродзе. Больш ён свайго