Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/11

Гэта старонка не была вычытаная

выйшла на дарогу. Кандрат Назарэўскі заўважыў, як густа ад загару вяснушкі ўкрылі яе твар. Ён спыніў каня. Скуратовіч загаварыў да дзяўчыны, ядучы яе вачыма:

- Дзе ж тыя коні! Няма ж дома.

- А ў ельніку ж! Вунь жа блізка. Толік жа там з коньмі.

Цяжка было разабраць - ці гэта ад наіўнасці, ці гэта сумысля, нават зларадна.

- Што ты дурыш! - аж затросся Скуратовіч.

Угнуўшы плечы, яна пачала жаць.

- Марш па коні! - загадаў чырвонаармеец. - Жыва!

Скуратовіч пайшоў у ельнік. Жанкі са здзіўленнем паглядалі на дзяўчыну. Яны спачувалі ёй. Чырвонаармеец разгаварыўся з ёю:

- Гэта Скуратовічаў авёс жнеце?

- Але.

- У лесе з коньмі гэта сын яго?

- Сын.

- Чаму ж ён не ў арміі?

- Ён яшчэ перад палякамі, як было адступленне, уцёк дадому. З першага дня, як прыйшлі палякі, яго ўжо бачылі дома. А цяпер ён у лесе, коні трымае. Ператрымаў увесь час, пакуль армія прайшла. Ніхто і не ведаў. Няма коней і няма. У абоз, значыцца, пагналі. Так усё стары казаў.

- А ён цяпер у армію пойдзе?

- Хто яго ведае. Толькі ўчора павыклейвалі ў нас загад - за некалькі год хлапцам трэба з'яўляцца. Яго году таксама трэба. З'яўляцца трэба праз дзесяць дзён. Ці пойдзе ён, ці не - хто яго ведае. Тут і больш ёсць дэзерціраў. Гавораць, што пойдуць, хто іх ведае.

Скуратовіча ўбачылі па гэты бок ельніку. Ён вёў на повадзе чорнага каня. Запрагаючы, ён сказаў, ні на кога не гледзячы:

- Вядома. Кожнаму чалавеку вайна страшна. Кожны ратуецца, як можа. Я мучыўся, гараваў...

Яны паехалі. Кандрату Назарэскаму балела рана на назе. Многа так ехаць ён не мог. Праз вёрст пяць было мястэчка. Кандрат Назарэўскі сказаў тут спыніцца. Яму ўжо трэба было адпачыць.