Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/24

Гэта старонка не была вычытаная

так, паслухаць і паглядзець. З таго боку, дзе быў Скуратовічаў хутар, так, як і адсюль, ішла цішыня. Агонь там нідзе не свяціўся. Паслухаўшы цішыню, чалавек пайшоў проста на хутар.

Усё было так, як і трэба, як і заўсёды рабілася: як толькі зачарнеўся паперадзе хутарскі плот, каля яго паднялася з зямлі другая чалавечая постаць.

— Толік, — сказаў эты другі чалавек.

— Бацька? Усё добра?

— Можаш зайсці ў хату.

Два сабакі, тыя, што кідаліся тады на Кандрата Назарэўскага, павільвалі хвастамі, тручыся аб халявы сваіх двух гаспадароў. Бацька і сын увайшлі ў кухню праз чорныя сенцы. У сенцах абазвалася сонная гусь, сабакі асталіся на двары. Скуратовіч запаліў лямпу; акно, як і заўсёды ў гэтых выпадках, завешана было ватовай коўдрай. Толік закурыў.

Гэта быў зусім малады хлапец, рослы, здаровы. Можа, ён проста здаваўся маладзейшым, чым сапраўды быў. Ён быў у ботах. І галіфэ і рубашка яго пад шырокім раменным поясам вельмі падобны былі да чырвонаармейскіх.

— Тут так, — сказаў бацька сыну, — зноў выклеілі ў мястэчку паперу і кажуць, што гэта ўжо апошняя. Хто з дэзерціраў пасля ўжо і гэтай папер не з’явіцца, таго аддадуць пад суд. А хто ў тры дні з’явіцца, таму нічога не будзе.

— Нічога не будзе, акрамя таго, што пагоняць у часць. Дзякуй ім за ласку, — флегматычна заўважыў сын. — Я чытаў гэтую іх паперу, хай яны яе спажываюць самі.

— Яно ж гэтак, — згадзіўся бацька. — Гэта адно, каб перабыць гэтыя часы, перахавацца, а там бог бацька. Кажуць, што з-пад Варшавы пачалі іх ужо адганяць.

— Што больш чуваць?

— Раквізіца будзе.

— Можа, прыязджалі ўжо?

— Не, мяне самога выклікалі ў воласць. Сёння. Пыталіся, колькі магу даць старога збожжа і колькі нажаў новага.

Адчыніліся дзверы, і старая Скуратовічыха ўнесла туга напакаваны мяшок. Яна заплакала: