Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/31

Гэта старонка была вычытаная

Скуратовічыха ніколі яшчэ не чула, каб з ёю так гаварыла парабчанка. Яна збянтэжылася і зірнула на Зосю. На двары ў гэты час загаварылі мацней. Скуратовічыха глянула ў сенцы, пасля выйшла. Зося пачула яе голас:

— Усялякая напасць на нас. Наш сын у Чырвонай Арміі.

Зося выйшла і глядзела, як чалавек у чорным фрэнчы стаяў перад Скуратовічам і як Скуратовічыха выцірала слёзы. Камісар сказаў:

— Я вас арыштую.

— Воля ваша, але я не вінаваты.

У Скуратовіча быў самы нявінны твар. У гэтую хвіліну і поза, і твар яго былі такія, як тады, калі ён вёз Кандрата Назарэўскага на кульгавым кані. Камісар зноў загаварыў:

— Вы ў воласці гаварылі таксама, што ў вас няма збожжа. І сказалі няпраўду.

— Праўду сказаў.

— Пабачым.

— Ну, хадзем, будзем шукаць, — сказаў нарэшце Скуратовіч. — Давайце абыдзем і абгледзім усё.

— Тут каго-небудзь няма чужога вам за сведку? Добра было б, каб двух чалавек.

— Дзе я вам іх вазьму?

— Гэта дачка? — паказаў камісар на Зосю.

— Я тут служу.

— Сваячка, — падказала Скуратовічыха.

— Ну, усё адно, — узрадаваўся камісар. — Пойдзем з намі. — Ідучы, ён разгаварыўся з ёю:

— Блізкая сваячка?

— Далёкая.

— Добра тут вам?

— Служу, — адказала яна.

Можна было заўважыць, што камісар расчараваўся: наўрад ці паможа яна мне. Яна глядзела на камісара і думала: «Скажу яму, дзе жыта схавана. Усё адно я тут намерылася больш не служыць. Я яму ўсё пра сябе раскажу». Спачатку пайшлі ў гумно. Чырвонаармейцы шукалі пад леташняй саломай. Скуратовіч неўзаметку сказаў да Зосі: